Анціпенка Леанід Міхайлавіч

Анціпенка Лявон (Леанід Міхайлавіч), нарадзіўся  4.12.1934 г. (дата ў пашпарце 25.01.1935) у в. Цінькаў Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Нарадзіўся ў сям’і рабочага чыгуначніка і калгасніцы. Закончыў Бацвінаўскую сярэднюю школу (1953), Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага – гісторыка-філалагічны факультэт, беларускае аддзяленне (1959). Потым тры гады працаваў дырэктарам Ракашыцкай васьмігадовай школы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. З 1963 г. – літаратурны супрацоўнік Шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт”, у гэтым жа годзе пераведзены загадчыкам сельгасаддзела рэдакцыі. З 1965 г. працуе намеснікам рэдактара, а з 1975 г. рэдактарам гэтай жа газеты, з 1995 г. – на пенсіі. Жыў у Шклове. Член Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь.
Першыя байкі змясціў у Чэрыкаўскай раённай газеце (20 мая 1954 г., “Мядзведзь і самакрытыка”). Потым яго байкі сатырычныя і лірычныя вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах “Магілёўская праўда”, “Звязда”, “ЛіМ”, “Чырвоная змена”,  у часопісах “Вожык”, “Полымя”, “Беларусь” і іншых перыядычных выданнях.
Лявон Анціпенка – сааўтар калектыўных зборнікаў “Вожык у дарозе” (1966), “Беларуская байка” (1986), “Асцюкі за каўняром” (1989), “Ранішняя дарога” (1990) і іншых. У 1994 г. ён выдаў зборнік сваіх вершаў, эпіграм і пародый “За лугамі, за ракою”, «Баравое рэха» (2007), кнігі прозы «Вайна без акопаў» (1999), «На скрыжаваннях лёсаў» (2002). У 2015 г. выйшла кніга вершаў “Роздумы на адзіноце”. Памёр Леанід Міхайлавіч Анціпенка 10 ліпеня 2019 года.
Выбрать язык