Дзень беларускага пісьменства

Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята, якое мае для нас вялікае культурна-гістарычнае значэнне — Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень беларусы аддаюць даніну павагі нашым продкам, якія ўнеслі ўклад у гісторыю развіцця айчыннай культуры, пісьменства і друку. Ва ўсіх бібліятэках сеткі арганізаваны кніжныя выстаўкі,  цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, якія знаёмяць з гісторыяй беларускага кнігадрукавання і дзейнасцю беларускіх асветнікаў.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства супрацоўнікі філіяла «Раённая дзіцячая бібліятэка» запрасілі навучэнцаў 3-га класа сярэдняй школы № 1 на гістарычны экскурс «Веліч беларускага слова». Бібліятэкар расказала дзецям, як зараджалася пісьменнасць, хто стаяў ля вытокаў славянскай азбукі і ў чым розніца паміж глаголіцай і кірыліцай. Мерапрыемства прайшло ў інтэрактыўным фармаце: школьнікі праверылі свае веды ў віктарынах «Пасланне продкаў», «Ад бяросты да кнігі» і «Праўда ці выдумка», а таксама паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў. Завяршылася сустрэча творчым заданнем: дзеці з захапленнем малявалі буквіцы, упрыгожваючы іх традыцыйнымі славянскімі ўзорамі.

Бібліятэкар філіяла «Гарадская бібліятэка № 1» на базе сярэдняй школы № 8 для вучняў 7-х класаў правяла інфармацыйную гадзіну «З вытокаў роднай мовы», прысвечанную Дню беларускай пісьменнасці. Удзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй станаўлення беларускай мовы і выдатнымі дзеячамі асветы роднай зямлі. З задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах: «Разгадай і складзі асветніка», «Як ты сэрцу мілая, Беларусь» і «Людзі, падзеі, факты». Завяршылася мерапрыемства праглядам відэароліка «Імёны роднай зямлі».

У філіяле «Бацвінаўская сельская бібліятэка» для вучняў 6 класа Бацвінаўскай сярэдняй школы адбылася пазнавальная гадзіна «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», прысвечаная Дню беларускага пісьменства. Размаўляючы пра вытокі нашай культуры, бібліятэкар расказала дзецям пра складаны, але цікавы шлях станаўлення беларускага пісьменства. Падчас мерапрыемства школьнікі змаглі не толькі пачуць цікавыя факты, але і дакрануцца да гісторыі праз інтэрактыўнае заданне. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне «Ад першадрука да сучаснасці», падчас якой праверылі свае веды пра старажытныя кнігі і развіццё беларускай мовы. Бібліятэкар падкрэсліла, што кніга — гэта не проста крыніца інфармацыі, а сапраўдны скарб, які захоўвае мудрасць пакаленняў. У завяршэнне сустрэчы вучні пазнаёміліся з тэматычнай выставай «Слова, што жыве ў вяках», дзе былі прадстаўлены выданні беларускіх класікаў і сучасных аўтараў.

Бібліятэкар філіяла «Бельская сельская бібліятэка» правяла для навучэнцаў старшых класаў Бельскай сярэдняй школы тэматычную гадзіну «Зорка па імені Францыск Скарына». У ходзе сустрэчы навучэнцы атрымалі ўяўленне пра жыццёвы шлях Францыска Скарыны і яго вызначальную ролю ў развіцці беларускага кнігадрукавання. Асобная ўвага была нададзена цяжкасцям, якія пераадольваў асветнік у сваёй працы: ад тэхнічных складанасцяў друку да праблем забеспячэння матэрыяламі. У завяршэнне быў паказаны фрагмент дакументальнага фільма «Францыск Скарына: таямніцы вялікага асветніка».

У філіяле «Касцюшкавіцкая сельская бібліятэка» для дзяцей школьнага ўзросту адбылося бібліяпадарожжа «Да вытокаў кніжнасці». Мерапрыемства было прысвечана беларускай кнізе і мове, а таксама тым, хто стаяў ля вытокаў нашай пісьменнасці. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў з цікавымі старонкамі гісторыі: расказала, што ў мінулым кнігі ствараліся ўручную, і нагадала, што першую друкаваную кнігу на беларускай мове выдаў Францыск Скарына. Далей дзеці адправіліся ў захапляльную вандроўку па станцыях, каб адкрыць чароўны куфэрак з кніжнымі скарбамі. На кожнай станцыі іх чакалі цікавыя заданні: яны знаёміліся з беларускімі літарамі, адгадвалі загадкі па малюнках, паўтаралі пацешкі і лічылкі, а яшчэ размалёўвалі буквіцы. Калі ўсе замкі былі адкрытыя, у куфэрку дзеці знайшлі прыемныя сюрпрызы – закладкі, кніжачкі‑размалёўкі і пачастункі. Выдатным завяршэннем мерапрыемства стаў прагляд беларускага мультфільма «Ясік у краіне вершаў». Дзеці з захапленнем назіралі за прыгодамі героя і яшчэ раз пачулі беларускую мову ў казачнай, даступнай форме.

У філіяле «Гарадская бібліятэка № 2» адбылася гістарычная гадзіна «Промні асветніцтва», прысвечаная беларускім асветнікам і іх укладу ў развіццё нацыянальнай культуры і пісьменнасці. Удзельнікі з цікавасцю далучыліся да конкурсаў «Як ты, сэрцу мілая, Беларусь!», «Асветнікі зямлі беларускай», у ходзе якіх прысутныя прадэманстравалі глыбокія веды па гісторыі і культуры роднага краю. Галоўнай мэтай гістарычнай гадзіны сталі прыцягненне ўвагі вучняў да багатай культурнай спадчыны Беларусі і выхаванне павагі да сваёй гісторыі.

У філіяле «Сакольніцкая сельская бібліятэка» для навучэнцаў Сакольніцкай сельскай школы прайшоў урок беларусазнаўства «Пісьменнасць — вялікая спадчына», прысвечаны гісторыі беларускага пісьменства. Падчас мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з культурнымі вытокамі беларускага пісьменства і кнігадрукавання. Сярод іх — святая Еўфрасіння Полацкая, першадрукар Францыск Скарына, асветнік Сімяон Полацкі і іншыя. Удзельнікі не толькі слухалі расповед бібліятэкара, але і актыўна прынялі ўдзел у віктарыне, правяраючы свае веды аб гісторыі зараджэння пісьменства ў Беларусі, аб дзейнасці беларускіх першадрукароў. Урок атрымаўся насычаным і пазнавальным.

 

209 04.09.2026
Выбрать язык